У Вільні вялікі канцэрт Лявона Вольскага



Сёння, 8 траўня, у Вільні вялікі канцэрт дае Лявон Вольскі. Імпрэза, якая складаецца з дзвюх частак, арганізавана ў клубе “Vakaris Vilnius”.

«На жаль арганізаваць падобны канцэрт у Менску з-за бюракратычных прычынаў не атрымалася», – адзначае арганізатар канцэрту Зміцер Каспяровіч:

– Зараз існуе такая практыка, што ты падаеш у гарвыканкам за 15 дзён да плануемага мерапрыемства заяўку. Фактычна гэта можна параўнаць з той жа самай заяўкай на правядзенне масавай акцыі. І знаходзіш памяшканне. Звычайна бывае так, альбо Менгарвыканкам забараняе па нейкіх надуманых прычынах, альбо напішуць, што гэтае памяшканне занятае.

Як кажа Зміцер Каспяровіч, такая практыка існуе ўжо даўно, калі дзяржаўныя структуры, па розных прычынах, адмаўляюць у магчымасці правядзення канцэртаў у Менску ды іншых гарадах Беларусі.

Сам Лявон Вольскі расказаў нам, як пройдзе віленскі канцэрт і што там пачуем:

– У першым аддзяленні будзе такая паўакустыка з Паўлам Аракелянам і Алесем-Францішкам Мышкевічам на бас-гітары. А ў другім аддзяленні ўжо з маім нарвежскім бэндам і зноў жа з басістам Алесем-Францішкам зайграем «Псіхасаматыку», «Грамадазнаўства» і некаторыя старыя хіты.

Беларусы, ахвотныя паслухаць Вольскага ў Вільні, мелі магчымасць атрымаць бясплатныя аднаразовыя візы.

Беларускае Радыё Рацыя