У Віцебску адкрылася “Майстэрня Дзеда Мароза і Снягуркі”



Такую назву мае выстава-продаж, якая праходзіць у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Творы  каляднай і навагодняй тэматыкі прадстаўляюць майстры і рамеснікі з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, а таму кожны наведнік знойдзе тут і памятны сувенір для сябе, і падарунак для сяброў ці знаёмых.

Бо выбар вялікі, і кошты не надта высокія, кажа Таццяна Лабкова, вядучы метадыст па народных промыслах:

– Тэхніка разнастайная – і вязанне, і кераміка, і пляценне, і вырабы з дрэва. Кошты ад аднаго рубля – гэта ёлачныя цацкі і маленькія ёлкі, тэкстыльныя, вязаныя… Самая дарагая рэч каштуе 35 рублёў – гэта пляценне з паперы.  

Значная частка асартыменту –  гэта сувенірныя мышкі, сімвал будучага года паводле кітайскага календара. Ёсць мышкі з саломкі, мышкі з тканіны, керамічныя мышкі і нават салодкія мышкі-пернікі.

Драўляных распісных мышак, якія могуць упрыгожыць ялінку, прадае  Уладзімір Рамановіч – многія чулі пра ягоны брэнд  “Belarusam.by”:

– Паглядзелі, што па кітайскім календары будзе год мышы, і вырашылі зрабіць драўляных мышак і апрануць іх – распісаць – у вышыванкі, у нашы беларускія нацыянальныя строі. На падарунак ці сабе, ці камусьці з калегаў, з кім працуеце. Думаю, што і для дзетак гэта будзе цікава. Яны з беларускай сімволікай.

На выставе-кірмашы можна не толькі нешта набыць: тут будуць праходзіць прадстаўленні  батлейкі, і выступоўцы таксама прыедуць з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Запланаваныя таксама і майстар-класы,  дзе можна навучыцца рабіць ёлачныя цацкі або навагоднія паштоўкі з выцінанкамі.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя