У Віцебску выдалі кнігу пра “сталінскія” расстрэлы



Кніга мае назву “Віцебскія Курапаты” і змяшчае больш за 40 аповедаў мясцовых жыхароў, якія або былі сведкамі страшных падзей у сваёй мясцовасці, або чулі пра гэта ад сваіх старэйшых сваякоў ці знаёмых.

У зборніку ёсць некалькі тэматычных раздзелаў, кажа адзін з першых чытачоў, віцебскі актывіст Канстанцін Смолікаў:

-Кніжка змяшчае раздзелы, якія тычацца розных геаграфічных месцаў, дзе адбываліся расстрэлы падчас сталінскага тэрору. Гэта вёскі  Хайсы, Паляі, урочышча Цёплы лес. Неабыякавыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь там папрацавалі – зрабілі ўсё, каб гэтыя месцы выглядалі як мемарыяльныя, сваімі сіламі даглядаюць гэтыя месцы.

Неабыякавыя людзі збіралі успаміны мясцовых жыхароў яшчэ з 1990-х гадоў. На жаль, частка рукапісных занатовак ужо страчаная, а вось частку магнітафонных запісаў, зробленых у вёсцы Паляі, удалося захаваць на старонках кнігі. Калі ў 2014-м годзе стала вядома пра масавыя пахаванні расстраляных людзей  каля вёскі Хайсы, апытваць людзей скіраваўся туды Ян Дзяржаўцаў:

-За некалькі год мы знайшлі каля 30-ці чалавек, якія ведалі пра расстрэлы. У асноўным гэта былі нашчадкі відавочцаў, але быў і адзін відавочца. Гэта Ганчароў Зміцер Сцяпанавіч, як на ўласныя вочы бачыў, як у лес машынамі вазілі людзей, і чуліся стрэлы.

Сабраныя успаміны, зафіксаваныя на відэакамеру, Ян Дзяржаўцаў паказваў і прадстаўнікам мясцовых уладаў – з прапановай, каб афіцыйна ўшанаваць памяць бязвінных ахвяраў сталінізму. Аднак сведчанні людзей не былі прынятыя ў якасці доказаў, і факты расстрэлаў у Віцебскім раёне падчас сталінскага тэрору дагэтуль застаюцца непрызнанымі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]