У Віцебску згадалі Давіда Сімановіча – паэта, які любіў гэты горад



У віцебскім арт-цэнтры Марка Шагала прайшла паэтычная імпрэза, прысвечаная мясцоваму паэту Давіду Сімановічу, які пакінуў гэты свет 5 гадоў таму.

Ягонае жыццё было ўзорам мясцовага патрыятызму : ён не толькі пісаў вершы і шмат сустракаўся з чытачамі ў школах ды бібліятэках — ён быў ініцыятарам шматлікіх культурніцкіх праектаў. Дзякуючы аднаму з іх, у Віцебску быў створаны мемарыяльны музей Марка Шагала.

Давід Сімановіч заўжды прапагандаваў творчасць землякоў — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Уладзімера Караткевіча, захапляўся краязнаўствам, сабраў вялікую бібліятэку, якую незадоўга да смерці ад анкалагічнай хваробы раздаў па музеях, бібліятэках і прыватных кнігазборах бліжэйшых сяброў.

Ён дбаў пра развіццё культуры ў родным горадзе, і сам стаў часцінкай гэтага месца, кажа паэтка Людміла Сіманёнак:

– Калі яшчэ пры жыцці Давіда Рыгоравіча даводзілася прадстаўляць яго вучням, я казала так: у лесе –лесавік, у вадзе –вадзянік, у хаце – дамавік, а ў Віцебску – Давід Сімановіч. Яму гэта падабалася, і сам ён пісаў: “В этом городе все меня знают, ну, а если не все, то почти”.

У сваю чаргу, Давід Сімановіч цікавіўся ўсімі аспектамі гарадскога жыцця. Хаця найбольш дбаў пра культурніцкае развіццё гораду, прыгадвае былая супрацоўніца газеты “Народнае слова” Вера Сцепанішчава:

– Гэта быў адзін з самых вядомых у горадзе людзей. Камунікабельны, прыемны, з ім можна было абмеркаваць любую гарадскую праблему. Ён вярнуў Віцебску імя Марка Шагала, і шмат іншага карыснага зрабіў. Вось такая маштабная асоба была для нашага гораду.

Цяпер на доме, дзе жыў віцебскі паэт і грамадзянін, вісіць мемарыяльная шыльда. А яшчэ праявай пашаны і памяці стала штогадовая паэтычная імпрэза, якая ўжо трэці год праводзіцца 26-га чэрвеня – у дзень нараджэння Давіда Сімановіча і ў Дзень гораду, які традыцыйна адзначаецца ў гэтую дату.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя