У вянок песнярам



Вельмі арыгінальную кніжку падрыхтавала і выпусціла Маладэчанская цэнтральная бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Кніга называецца “У вянок песнярам: веха ўдзячнай памяці”. Выхад яе прымеркаваны да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Задумаў такое выданне літаратуразнавец і бібліяфіл з Маладэчна Міхась Казлоўскі. Кніжка аздоблена ілюстрацыямі з яго прыватнай калекцыі, якую ён збірае ўжо шмат дзесяцігоддзяў. А гэта – рэдкія здымкі, запрашальныя білеты, праграмкі, афішы, творы маладэчанскіх мастакоў, прысвечаныя нашым песнярам, вокладкі кнігі пісьменнікаў з Маладэчна, дзе згадваюцца Янка Купала і Якуб Колас і г.д.

Наогул, Маладэчаншчына – гэта край Купалы, своеасаблівыя альфа і амега яго жыцця. Сцежкамі маладэчанскай зямлі хадзіў і Якуб Колас: то наездамі бываючы ў сябра маладосці Мацея Цярэшкі, то маючы ў паваенны перыяд штосьці накшталт лецішча ў ваколіцах маляўнічай Удранкі.

У кнізе вельмі шмат рэдкіх купалаўскіх фотаздымкаў, найперш, на якіх адлюстравана жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Вось на адной з іх стаіць Уладзіслава Францаўна, якую ў пісьменніцкім асяродку называлі пашанотна-ласкава цётка Уладзя. Стаіць і ўважліва слухае старога барадатага мужчыну, а ўнізе фотаздымка надпіс: „Вязынка, 1945г.” А вось на гэтым мы бачым Паўліну Мядзёлку, адну з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе беларускага класіка. А яна, трэба прызнаць, часта бывала ў Маладэчне, асабліва ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, калі прыязджала ў госці да сваіх маладых сяброў Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага. А тут група пісьменнікаў у цэнтральнай гарадской бібліятэцы на вечарыне, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. У цэнтры сядзяць маладыя, усмешліва-вясёлыя Іван Шамякін, Максім Танк, сціпла прытуліўся да групы чытачоў Мікола Ермаловіч…

I таму, гледзячы на гэтыя пажоўклыя ад часу артэфакты нашай гісторыі з калекцыі Міхася Казлоўскага, разумееш, што кожны з іх паасобку і разам з’яўляюцца адмысловым звенчаком у ланцугу нашай удзячнай памяці, які дае магчымасць яшчэ раз адчуць водар прамінулых гадоў і стаць сведкам даўноадышоўшай эпохі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]