У вёсцы Моталь Іванаўскага раёну адкрыўся прыватны музей хлеба



Турыстам тут абяцаюць не толькі распавесці пра ўсе этапы вырабу гэтага прадукта, але і даць магчымасць паўдзельнічаць у працэсе яго выпечкі. Пры гэтым турыст можа нават выбраць адзін з традыцыйных палескіх рэцэптаў цеста. Турыстычная забава размешчана на прыватным прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на выпечцы кандытарскіх вырабаў. Будаўніцтва музея хлеба ажыццяўлялася ў межах праекту “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, кажа намесніца дырэктара Берасцейскага транспамежнага інфацэнтру Кацярына Касых:

– Было шмат клопату – і закупка матэрыялаў і будоўля, і выданне брашуры-буклета, такога каталога ўсіх экспанатаў… І вось у нас адкрыццё, перарэзалі стужку прадстаўнікі ўлады. Можна лічыць, што гэта адзін з паспяхова рэалізаваных праектаў у рамках рэалізацыі аднаго вялікага праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”.

Разам з аграсядзібай «Мотальская Венецыя», Музей хлеба ўвайшоў у турыстычны маршрут «Мотальскі шлях» і будзе пазначаны на турыстычных мапах Іванаўскага раёну.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя