У Зэльве прэзентавалі “Гісторыю Сапегаў” і прыгадалі Пятра Марціноўскага



У прыходскім доме Зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы адбылася прэзентацыя кнігі “Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы. Маёнткі. Фундацыі”, якую склаў Яўстах Сапега. Але перад пачаткам самой прэзентацыі, выступоўцы згадалі пра былога кіраўніка зэльвенскага раённага літаратурнага аб’яднання “Зоры над Зальвянкай” Пятра Марціноўскага (1932-2006).

Пятро Марціноўскі жыў у вёсцы Дзярэчын, працаваў настаўнікам у мясцовай школе. Яго хату ў Дзярэчыне творчая моладзь і пісьменнікі жартам называлі “домам літаратараў”. Там пабывалі і гасцілі дзесяткі пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Пётр Марціноўскі добра ведаў і сябраваў з Ларысай і Янкам Геніюшамі. У 2002 годзе ён выдаў у Слоніме кнігу ўспамінаў пра Ларысу Геніюш “Наша Лорка”.

Светлымі згадкамі пра Пятра Марціноўскамі падзяліліся Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб, дачка Таццяна. Сяргей Чыгрын прапанаваў выдаць кнігу ўспамінаў пра Пятра Марціноўскага.

Пасля згадкі пра Пятра Марціноўскага, Міхась Скобла прэзентаваў кнігу “Гісторыя Сапегаў”. Бо менавіта ён з’яўляўся каардынатарам выдання і рэдактарам. А фінансавала кнігу кампанія Wargaming, якую ўзначальвае былы вучань Пятра Марціноўскага, выпускнік Дзярэчынскай СШ Уладзімір Кіслы, а дачка Пятра Марціноўскага ў гэтай кампаніі працуе галоўным бухгалтарам.

Пра кнігу “Гісторыя Сапегаў” Міхась Скобла сказаў, што гэта своеасаблівая энцыклапедыя роду Сапегаў. На яе старонках публікуюцца 85 жыццяпісаў найбольш выдатных яго прадстаўнікоў, сярод якіх канцлер Леў, гетман Казімір Ян, генерал артылерыі і ўдзельнік паўстання 1794 года Францішак, мецэнат паўстання 1830 года Яўстах Каятан і іншыя. У кнізе таксама прапануюцца апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый, нарысы па генеалогіі і геральдыцы Сапегаў, спісы пасадаў, займаных імі ў ВКЛ.

Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара