У Жыровічах прадаюцца календары з царом Мікалаем і цудатворцам Луком



Святочная служба ва Ўспенскім саборы ў Жыровічах, прысвечаная Уздзвіжанню, закончылася каля 13 гадзін. І на тэрыторыі манастыра стала ціха, але дзе-нідзе яшчэ хадзілі вернікі і святары, некаторыя сядзелі на лаўках на тэрыторыі манастыра, гутарылі пра жыццё-быццё.

Пры ўваходзе ва Ўспенскі сабор, на спецыяльных палічках, ляжаць асобныя нумары багаслоўска-літаратурна-мастацкага лістка “Жыровіцкая абіцель”, які выдае манах Іаан (Алег Бембель). Апошні нумар гэтага лістка прысвечаны 1945-у году і Перамозе. Усяго свет пабачылі ўжо 110 нумароў. Лісток выдаецца на дзвюх мовах.

У гандлёвых лаўках, якіх шмат на тэрыторыі манастыра, безліч розных царкоўных сувеніраў, абразоў, магніцікаў з выявамі Жыровіцкага манастыра, а таксама кніг. Усе кнігі толькі на расейскай мове, выдадзеныя ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Ужо прадаюцца царкоўныя календары на 2022 год. Усе яны расейскія. На вокладках многіх календароў можна ўбачыць крымскага цудатворца Луку, партрэты расейскага цара Мікалая, яго сям’ю і г.д. Выданняў на беларускай мове ў манастырскіх крамах няма.

Перад уваходам на тэрыторыю манастыра стаіць помнік Серафіму Жыровіцкаму, якога закатавалі ў сталінскіх лагерах.

У мястэчку Жыровічы неяк сумна. Лета прайшло, а ў Жыровічах Уздзвіжанне лета замыкае, а птушкі ў вырай пацягнуліся.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара