Украіна, Польшча і Брытанія знялі трылер пра Галадамор



Гістарычны трылер «Цана праўды» назвалі найлепшай стужкай пра Галадамор. Сёлета на Гдыньскім кінафестывалі фільм атрымаў Гран-Пры. Карціну супольна зрабілі Польшча, Украіна і Вялікабрытанія. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў рэжысёрку фільму, польку Агнешку Голянд ордэнам Княгіні Вольгі.

Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі аб тым, як былы кансультант брытанскага ўраду ў міжнародных справах Гарэт Джонс, журналіст-пачатковец, едзе ў Маскву, каб узяць інтэрв’ю ў Сталіна і разабрацца, як савецкая ўлада фінансуе сферу абароны.

Агульны бюджэт «Цаны праўды» склаў амаль 11 млн даляраў. Прэмʼера на вялікім экране адбылася 28 лістапада. Налета запланаваная тэлевізійная прэмʼера на тэлеканале «Україна».

Як нагадвае Свабода, Беларусь, нягледзячы на заклік украінскай дыпламатыі, дагэтуль не прызнае Галадамор генацыдам украінскага народу. Пра голад у Савецкай Беларусі ў 1933 годзе згадваў і Гарэт Джонс. Што праўда, маштабы беларускага галадамору, паводле гісторыкаў, нельга параўноўваць з украінскімі.