Уладзімір Дубовік: Да сярэдзіны восені дах касцёла закрыюць цалкам



Ксёндз Уладзімір Дубовік распавёў, як ідзе працэс аднаўлення касцёла ў Будславе.

Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі – абраз Маці Божай Будслаўскай.

Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства – дах выгарэў і абваліўся. Зараз працягваецца збор сродкаў на аднаўленне храма.

Уладзімір Дубовік: Нарэшце падпісана дамова з праектнай арганізацыяй, і ў бліжэйшы час ужо будуць нейкія рашэнні па праектах.

На дадзены момант больш за ўсё турбуе стан купала, бо менавіта з-за яго зараз немагчыма знаходзіцца ў касцёле. У бліжэйшы час будзе зроблены праект па яго ўмацаванні і пачнецца праца.

Хачу адзначыць, што асноўныя працы, каб закрыць скляпенні ад вільгаці, ужо практычна зроблены.

РР: На сённяшні дзень беларусы сабралі на аднаўленне касцёла амаль 706 тысяч рублёў, хаця кошт новага даху святыні можа скласці каля 2 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Ці ўдасца сабраць такую суму?

Уладзімір Дубовік: Папярэдні досвед паказвае: як толькі працы набываюць актыўную форму, то і сродкі збіраюцца хутчэй. Таму, мяркую, калі ўмацуем купал і пачнуцца іншыя работы, то грошы знойдуцца. Хаця, натуральна, у рэальнасці ўсё значна складаней, чым на словах.

РР: Што запланавана зрабіць за гэтае лета?

Уладзімір Дубовік: Думаю, да сярэдзіны восені дах закрыюць цалкам, хаця пакрыццё будзе часовым. Акрамя гэтага, напэўна, больш ніякіх прац не будзе. Бо, наколькі высахлі сцены, мы зразумем або зімой, або нават вясной наступнага году.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/budslau