Уладзіміру Ліпскаму – 80



6 траўня свой 80-гадовы юбілей адзначае найвыдатнейшы беларускі пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч, рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся» Уладзімір Ліпскі.

Уладзімір Ліпскі – аўтар шматлікіх кніг публіцыстыкі, нарысаў, дакументальных аповесцяў, кніг для дзяцей, перакладаў, гумару. Ён з’яўляецца ініцыятарам і старшынёй Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Уладзімір Ліпскі 42 гады ўзначальвае беларускамоўны дзіцячы часопіс «Вясёлка», а таксама часопіс «Буся». Са 136 выданняў для дзяцей у Беларусі толькі «Вясёлка» і «Буся» выдаюцца па-беларуску. І гэта дзякуючы іх рэдактару Уладзіміру Ліпскаму.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Уладзіміра Ліпскага адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра за кнігу «Падкідыш», Літаратурнай прэміяй імя Васіля Віткі за аповесць «Загадкавы чалавек», Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, ордэнам Францыска Скарыны і іншымі ўзнагародамі. У 1998 годзе пісьменнік быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, закладнікаў чарнобыльскай трагедыі.

Шчыра віншуем Уладзіміра Сцяпанавіча з юбілеем і жадаем яму здароўя, творчага натхнення і сіл!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя