Унікальная выстава ў гарадзенскім музеі быта



Выстава з амаль паўтысячы вялікодных паштовак, прымеркаваных да Вялікадня і іншых хрысціянскіх святаў, адкрылася ў прыватным музеі быта ў Гародні.

Уладальнік музея Януш Паруліс адзначае, што адмыслова прысвяціў гэтаму святу кавалак сваёй экспазіцыі:

– Ёсць у мяне асобны куток, дзе старыя паштоўкі, якім больш 100 год. І нямецкага, і царскага перыядаў. Асабліва ў мяне цікавая паштоўка “Дарога з Ерусаліма”, якая выдадзена пры цары. На ёй Хрэсны ход. Вельмі цікавая.

На думку Януша Паруліса, у яго прыватным музее сабралася амаль самая вялікая калекцыя паштовак у горадзе.

– Паштоўкі ёсць розныя, таксама якія звязаныя з Раством. А ўвогуле ў мяне паштовак тысяч 15, а можа 18, я іх не лічыў і лічыць не буду. Таму што іх вельмі шмат. Тут недзе стаяць цэлыя корабы з паштоўкамі. Там і на 8 сакавіка, і на Дзень савецкай арміі, і на 1 траўня. Там любыя перыяды за 100 год, да 90-х гадоў.

Выставу вялікодных паштовак у прыватным музее быта ў Гародні, што знаходзіцца недалёка ад старажытнай Каложы, можна будзе наведаць штодня цягам бліжэйшага месяца.

Беларускае Радыё Рацыя