Унікальная выстава запалак адкрылася ў Слоніме



У выставачнай зале Слонімскага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага адкрылася ўнікальная выстава запалак з прыватнай калекцыі слонімскага літаратара, краязнаўца і журналіста Сяргея Чыгрына.

Цяжка прыгадаць, ці былі падобныя вялікія выставы запалак у Беларусі. Такая  выстава разнастайных карабкоў і этыкетак проста здзівіла ўсіх наведвальнікаў. Сотні пачак запалак з многіх краіх свету – цэлая энцыклапедыя філуменіі. Але найбольш экспануецца на выставе пушак запалак беларускіх фабрык. Вялікае захапленне ў наведвальнікаў выклікалі беларускія запалкі 1930-1950-х гадоў. Прыцягвалі ўвагу мініяцюрныя запалкі з Чэхіі і Германіі, сваеасаблівыя скрынкі запалак з Англіі і Кітая, разнастайныя тэматычныя наборы запалак, прысвечаныя Берасцейскай крэпасці, Пінску, птушкам, аўтамабілям…   

З выставай наведвальнікаў спачатку пазнаёмілі супрацоўнікі музея, а Сяргей Чыгрын прысутным распавёў пра тое, што ён працуе над кнігай па гісторыі беларускіх запалак, таму некалькі гадоў калекцыянуе запалкі. “На вялікі жаль, у Беларусі не так і шмат філуменістаў, але яны ёсць. Адсутнічаюць таксама у нас і філуменістычныя музеі, цэнтры, а шкада, бо гэта наша гісторыя і яна вельмі цікавая. А такія музеі і цэнтры ёсць на Украіне, Расеі, Польшчы і ў іншых дзяржавах. На Беларусі ў канцы 19-га першай палове 20-га стагоддзяў вельмі шмат было запалкавых фабрык, якія забяспечвалі запалкамі не толькі свой край, але і многія іншыя дзяржавы. Сёння запалкі выпускаюць прадпрыемствы “Пінскдрэў” і “Барысаўдрэў”, а таксама прыватная менская фірма “Каралева агню”. З кожным годам вытворчасць запалак і этыкетак становіцца даволі разнастайнай. Напрыклад, “Барысаўдрэў” выпусціў серыю запалак, прысвечаных гербам гарадоў Беларусі, савецкай зброі, медалям і ордэнам Другой сусветнай вайны, замкам Беларусі”, – распавёў Сяргей Чыгрын.

Філуменістычная (запалкавая) выстава ў Слоніме працягнецца адзін месяц. І кожны жадаючы можа з цікавасцю з ёй пазнаёміцца.

 Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара