Унікальны “Каляндар Слонімшчыны” выдалі гарадзенскія даследчыкі



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыла ўнікальная праца Уладзіміра Хільмановіча з Гародні і Сяргея Чыгрына са Слоніма “Каляндар Слонімшчыны”.

На працягу шматлікіх гадоў аўтары “Календара Слонімшчыны” занатоўвалі славутыя і трагічныя падзеі і з’явы слонімскай зямлі, дні нараджэння і смерці знакамітых і вядомых слонімцаў, а таксама тых асобаў, якія пэўны час тут жылі, вучыліся ці працавалі. Галоўным крытэрыям адбору асобаў служыла прынадлежнасць да беларускага руху ў розных яго праяўленнях (удзел у нацыянальна-вызваленчых паўстаннях, падпольных рухах, палітычных, грамадскіх, рэлігійных, культурных арганізацыях, а таксама асветніцкая, душпастырская, навуковая, пісьменніцкая, публіцыстычная, спартыўная дзейнасць і г.д.). Пададзены ў календары і адкрыцці некаторых музеяў, навучальных устаноў, грамадска-культурных і палітычных выданняў, прадпрыемстваў і калектываў, а таксама найбольш масавыя мітынгі і дэманстрацыі, якія адбываліся на Слонімшчыне.

Адна з найважнешых задач календара – гэта адлюстраваць і паказаць асноўныя канкрэтныя падзеі і гады жыцця, а таксама дзень і месяц нараджэння і смерці вялікіх і вядомых асобаў Слонімшчыны. Даты ўсе падаюцца паводле новага (грыгарыянскага) стылю.

Падобным календаром сёння не можа пахваліцца ні адзін райцэнтр. Таму добра было б, каб у кожным раёне Беларусі выйшлі падобныя календары, і каб іх жыхары памяталі і ўшаноўвалі знакамітых людзей і адзначалі важныя даты і юбілеі.

“Каляндар Слонімшчыны” Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Чыгрына адрасаваны перш за ўсё тым, хто цікавіцца гісторыяй сваёй маленькай радзімы, а таксама ўсім зацікаўленым нашай агульнай гісторыяй – бібліятэкарам, настаўнікам, вучням, навукоўцам, гісторыкам, краязнаўцам, сябрам грамадскіх арганізацый і супрацоўнікам райвыканкамаў.

Беларускае Радыё Рацыя