Урок, прысвечаны Льву Сапегу



У Слонімскай сярэдняй школе № 4 адбыўся ўрок, прысвечаны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу, слонімскаму старосце Льву Сапегу. Урок у школьным Народным музеі імя Аляксандра Жукоўскага для настаўнікаў і старшакласнікаў правёў слонімскі літаратар, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын.

“У маім хатнім архіве захоўваецца копія акта Слонімскага раённага краязнаўчага музея ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас Другой сусветнай вайны слонімскія каштоўнасці. Сярод пералічаных скарбаў, якія зніклі са слонімскага музея, пад нумарам адзін запісана шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай касці гетмана Льва Сапегі. Дзякаваць Богу ў музеі да сённяшніх дзён захоўваецца Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, перавыдадзены па-польску ў 1648 годзе. Гэта адзіны дакумент, які сёння нагадвае пра выдатнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегу, які на працягу 47 гадоў быў старостам слонімскім і пакінуў значны след на зямлі Слонімскай”, – сказаў Сяргей Чыгрын.

Па словах Сяргея Чыгрына, Леў Сапега любіў Слонім. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага Княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя сеймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі.

У слонімскім замку знаходзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аустэрыяў. У 1595 годзе слонімскі староста аднавіў (спалілі крымскія татары ў 1506 годзе) касцёл Святога Андрэя. Пазней ён быў перабудаваны, а сучасны выгляд набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў), касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён вылучаецца сваім адметным архітэктурным стылем. У часы Льва Сапегі касцёл Святога Андрэя ў Слоніме ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджаюць Сымон Будны і Пётр Скарга. Акрамя касцёла Святога Андрэя чальцы сапегаўскай дынастыі ўзвялі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для рэгулярных лютэранскіх канонікаў. Акрамя гэтага Сапегі спрыялі распаўсюджванню ў Слоніме школаў ды калегіумаў, якія дзейнічалі пры гарадскіх касцёлах і цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі існавала адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарня, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага Княства Літоўскага…

Падчас сустрэчы Сяргей Чыгрын паказаў прысутным паштоўкі і канверты, а таксама кнігі, прысвечаныя Льву Сапегу. Госць спадзяецца, што ў Слоніме ўсё ж з’явіцца помнік Льву Сапегу, які ўжо 15 гадоў абяцае для сваіх землякоў зрабіць і ўстанавіць Ганаровы грамадзянін Слоніма скульптар Іван Міско.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім

Фота аўтара