Ушанавалі аўтара “Песні на загонах”
У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася літаратурна-музычная вечарына “Лірычнае душы прызванне”. Яна была прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Анатоля Іверса (Івана Міско, 1912-1999).
У вечарыне прынялі ўдзел навучэнкі Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, настаўнікі, бібліятэкары, сябры Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса.
Бібліятэкары Аксана Беркус і Ганна Трацяк распавядалі пра жыццёвы і творчы шлях Анатоля Іверса. Слонімская паэтка, мастачка і бард Надзея Салейка праспявала некалькі шчырых беларускіх песень. А Тамара Пяцеліна пазнаёміла прысутных з творчасцю сяброў літаратурнага аб’яднання, прачытала свой верш, прысвечаны Анатолю Іверсу.
Цікава выступіў пісьменнік Сяргей Чыгрын, які прыгадаў сустрэчы з Анатолем Іверсам, распавёў, як выдаваўся яго першы зборнік вершаў у 1939 годзе ў Вільні, і як яму дапамагаў у гэтым ксёндз Адам Станкевіч. А таксама паказаў прысутным рэдкія партызанскія выданні – газеты “Вольная праца” і “Барацьба” за 1943-1944 гады, якія ў лесе разам са сваімі сябрамі выдаваў Анатоль Іверс. Там ён нават друкаваў свае вершы пад псеўданімам Двоеў.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы Анатолі Іверса, якія прачыталі навучэнкі Слонімскага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]