Ушанавалі рускага паэта, які любіў Беларусь



У вёсцы Наваельня Дзятлаўскага раёна мясцовыя жыхары ўшанавалі свайго земляка, доктара, паэта і мастака Яўгена Мацвеева (1937-2005).

Сёлета Яўгену Мацвееву споўнілася б 80 гадоў. Гэта быў вельмі таленавіты, шчыры і добры чалавек, які пісаў вершы на рускай мове, а ў вольны ад працы час майстраваў розныя цікавыя рэчы з дрэва. Родам Яўген Мацвееў быў з Пскоўшчыны. Скончыў Менскі медыцынскі інстытут, працаваў урачом у санаторыі “Наваельня”. Дзятлаўскі грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч пра Мацвеева сказаў, што “калі б яшчэ ён пажыў гадкоў пяць, то добра размаўляў бы па-беларуску і пісаў бы на беларускай мове вершы. Бо Яўген Мацвееў вельмі любіў Беларусь і нашу мову”. 

Памяць пра Яўгена Мацвеева ўшанавалі ў Наваельнянскай сярэдняй школе. Там адбыліся Мацвееўскія чытанні, а таксама мерапрыемства “Вялікі чалавек Наваельнянскай зямлі”. Дзятлаўскія паэты пераклалі вершы Яўгена Мацвеева на беларускую мову і перакладчыкі Алена Абрамчык і Георгій Шундрык іх прачыталі.

Вяскоўцы шчыра прыгадвалі паэта і доктара Мацвеева, яго вершы чыталі школьнікі і настаўнікі. У гэты самы дзень землякі наведалі яго магілу і ўсклалі кветкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара