Успаміны і развагі генерала Жалігоўскага пра вайну 1920 года



„Для мяне не падлягае сумненню, што будучы сур’ёзны даследчык вайны 1920 года будзе павінен у першую чаргу заняцца псіхалогіяй нашага жаўнера. Толькі псіхолаг зразумее цэлы шэраг з’яваў духоўнай прыроды, якія ўвідавочніла гэтая вайна. Псіхолаг, вывучаючы цяжкае адступленне нашых армій на поўначы, патрафіць высветліць цікавыя фактары, датычныя характару і баявых якасцяў нашага афіцэра і шарагоўца. Мінулае нашага войска не спрыяла дагэтуль таму, каб грунтоўна заняцца гэтымі якасцямі. Лепш вядомы характар нашых ваенаначальнікаў, чым зборны характар нашых шарагоўцаў. А ўласна вайна 1920 года можа быць удзячным полем для такога роду аналізу, асабліва, калі тыя афіцэры, якія камандавалі на лініі фронту, перамогуць сваё нежаданне да пяра і хоць бы ў дробных фрагментах распавядуць пра свае духоўныя перажыванні і пра сваіх падначаленых. Перш за ўсё гэтая праца дасць нам уяўленне пра тып польскага жаўнера. Да гэтага часу трывала ўяўленне, што жаўнер наш ёсць залішне ўражлівы, што не ўмее добра бараніцца, што кожнае адступленне робіць на яго асабліва дэмаралізуючы ўплыў, або да пэўнай ступені ператварае яго ў другарадны жаўнерскі матэрыял.

Вывучэнне вайны 1920 года павінна пакласці канец гэтым дылетанцкім цверджанням. Афіцэр і жаўнер, якія ў выніку стратэгічных памылак выканалі звыш 600-кіламятровае адступленне пад націскам непрыяцеля, які меў амаль трохкратную перавагу, прымяняючы абманную франтавую тактыку, не страцілі аднак ніколі баявых здольнасцяў і ў выніку, перамогшы пад Варшавай, даказалі, што прынятыя меркаванні, выдаваныя пра іх, ёсць павярхоўныя. Заслугоўваюць яны на тое, каб глыбей вывучыць іхнюю псіхіку. Я хацеў бы, каб мая праца, разам з яе памылкамі, была заахвочвальнай для тых усіх, якія маюць шмат для расказу, але да гэтага часу маўчалі. Гаворачы гэта, маю на ўвазе лінейных афіцэраў, якім наша армія з 1920 года многім абавязана…”

Так распачынаюцца ўспаміны і развагі ў свежым нумары “Нашага слова” генерала Люцыяна Жалігоўскага. Электроннае выданне распачало іх друкаваць з працягам на сваіх старонках.

“Наша слова” публікуе паведамленне дачкі беларускага перакладчыка і крытыка Аркадзя Мардвілкі (1905-1986) з Ташкента наконт спадчыны нашага суайчынніка. Прачытаюць у свежым нумары чытачы і пра ўрок памяці „Нам гэты свет запавядана берагчы”, прысвечаны Вялікай Перамозе, захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Другой сусветнай вайны, подзвігу савецкага народа ў гады вайны, навучэнцы 9-х класаў 11-й Лідскай школы, які яны правялі на базе Лідскага гістарычна-мастацкага музея, а таксама шэраг іншых цікавых матэрыялаў. Поўнасцю свежы нумар чытайце тут.

Беларускае Радыё Рацыя