Узбекістан і Кітай просяць дапамагчы адкрыць у сябе кафедры беларускай мовы



Замежныя ВНУ хочуць ствараць у сябе кафедры беларускай мовы. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі прарэктар па вучэбнай працы Беларускага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Ходзін.

─ У мінулым годзе да нас звярнуліся партнёры з Узбекістана з просьбай дапамагчы адкрыць на базе аднаго з універсітэтаў кафедру беларускай мовы. Такая ж просьба паступіла з Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, ─ распавёў Сяргей Ходзін. ─ З гэтага можна зрабіць выснову, што замежныя студэнты зацікаўлены ў вывучэнні нашай мовы.

Дарэчы, БДУ аказвае падтрымку Цэнтру беларускай мовы і культуры ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце ім. Тараса Шаўчэнкі. Падобныя цэнтры таксама функцыянуюць ва ўніверсітэтах Азербайджана і Казахстана. А ў Латвіі, Польшчы і Літве працуюць беларускамоўныя школы. Паміж айчыннымі і замежнымі навучальнымі ўстановамі адбываецца абмен выкладчыкамі і студэнтамі. Так, больш за 3 500 навучэнцаў і 3 700 педагогаў штогод атрымліваюць дадатковую адукацыю за мяжой.

minsknews.by