„Вакацыі” Ніны Чурабо – у Гародні



У Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася выстава мастачкі Ніны Чурабо. Экспазіцыя мае назву „Вакацыі” і распавядае пра яе вандроўкі па розных краінах свету.

Кажа Ніна Чурабо:

– Выстава не проста так называецца “Вакацыі”, бо менавіта на вакацыях я магу кудысьці паехаць. На вакацыях мае падарожжы – гэта Літва, Польшча, Егіпет, Чарнагорыя ды іншыя краіны. Я ў Швецыю ездзіла, дзе малявала на пароме. Гэта такія пастэлі – хуткія эцюды, аднамаментныя, аднасіянсныя.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна лічыць, што ў працах на гэтай выставе паказана ўся выключнасць:

– Гучанне гэтай выставы, эстэтыка, унутрана адпавядае духоўнаму свету самой мастачкі. Такая ж вытанчаная вобразнасць, элегантная, стрыманая і разам з тым вельмі канкрэтная, такая яркая можа быць, яркая не па знешнасці, а па эмоцыях, па пачуццях.

Экспазіцыя змяшчае больш за тры дзясяткі працаў. На яе адкрыццё прыйшло больш за паўсотні наведнікаў розных пакаленняў, як прафесійных мастакоў, так і вучняў мастацкай вучэльні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня