Валанцёрскі летнік у былой сядзібе Храптовічаў у Шчорсах



У Шчорсах, Наваградскага раёна Гарадзеншчыны, валанцёры аднаўляюць месца культурнай спадчыны славутага палацава-паркавага ансамблю Храптовічаў. У валанцёрскім летніку па ачыстцы рэшткаў палацу і гаспадарчых пабудоў ад гушчарніка прымалі ўдзел прадстаўнікі беларускага дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. 

Кажа Алесь Кіркевіч, валанцёр і каардынатар работ:

– Для Таварыства аховы помнікаў гэта быў першы летнік. Тэмай Шчорсаў пастаянна займаецца Ганна Булда і яе фонд “Шчорсы і Храптовічы”. Яны былі ўсё лета, а мы далучыліся ўжо напрыканцы лета. І атрымаўся ў нас такі сумесны летнік. Нехта прыехаў на дзень-два, нехта – на два тыдні. Адназначна, увесь час былі дзясяткі людзей. Мы займаліся расчысткай гаспадарчага двара Храптовічаў у Мураванцы, таму што будынкі зараз стаяць без дахаў. Будынкі зараслі пустазеллем і дрэвамі. Трэба было гэта ўсё секчы і выпальваць. Таксама займаліся расчысткай парку, таму што парк зараз нагадвае джунглі.

Валанцёрскі летнік у Шчорсах прынёс шмат карыснага самім удзельнікам, якія ўдзень працавалі, а ўвечары слухалі лекцыі навукоўцаў, выступы музыкаў, якія іх наведвалі. А таксама стваральная праца валанцёраў прыцягнула частку мясцовай шчорсаўскай моладзі. Такая супраца дапамагае ўзгадаць каштоўнасьць гэтага месца для духоўнай спадчыны Беларусі. Кажа Алесь Кіркевіч:

– Гэта яшчэ не раскрыты для Беларусі космас, таму што для 19 – пачатку 20 стагоддзя гэта была надзвычай перадавая гаспадарка і надзвычай перадавыя людзі пры грашах, якія цікавіліся адукацыяй, культурай. У якіх была цудоўная бібліятэка. І якія гаспадарку сваю пабудавалі па, на той момант, сучасных еўрапейскіх стандартах, якія былі яшчэ невядомыя ў гэтым краі. І пасля гэтага ўсяго застаўся ў выніку савецкай экспансіі знесены палац, разабраны па цаглінцы, які спачатку спалілі казакі, пасля разабралі камсамольцы ў 50-х гадах, і занядбаны парк.

Пасьля сезону па ачыстцы парку, валанцёры восенню і зімою будуць займацца праектам аднаўлення гэтай перліны паркавага мастацтва 19-га стагоддзя. Сябры дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры гатовыя да супрацы з замежнымі валанцёрамі, якія маюць досьвед у аднаўленні старых шляхецкіх паркаў і ў пейзажным дызайне.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Facebook Алеся Кіркевіча