Валер Булгакаў: Мы гатовыя да рознага развіцця падзеяў



Чым зараз заняты часопіс Arche? Ці ўзнікаюць складанасці з выпускам і распаўсюдам выданняў? Як існаваць у новых палітычных умовах? Адказы на такія пытанні даў наш сённяшні „Госць Рацыі”, рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Распавядзіце, што зараз з вашым выдавецтвам, у якім стане яно знаходзіцца, у плане юрыдычным, у плане фізічным?

Валер Булгакаў: У юрыдычным плане, здаецца, усё добра. Мы дагэтуль маем юрыдычную рэгістрацыю, інакш кажучы, наш статус ніяк не пагоршыўся за гэты год. З другога боку вялікія абмежаванні цяпер тычацца найперш дыстрыбуцыі і апошняго моманту самога працэсу друкавання. Гэта значыць, яшчэ з зімы мы атрымалі забарону продажу праз дзяржаўныя кіёскі і ўсе іншыя магчымыя, звязаныя з дзяржавай, каналы дыстрыбуцыі. А з другога паўгоддзя гэтага году дадалася забарона на прыём падпіскі на наш часопіс. Прычым часопіс выходзіць ужо 24-ы год. І гэта ўпершыню. Гэта фактычна беспрэцэдэнтна, калі дзяржава пазбаўляе нас магчымасці карыстацца падпісным сэрвісам «Белпошты». І ў апошні момант мы таксама сутыкнуліся з тым, што цяпер друкарні баяцца друкаваць нашу прадукцыю, нам ужо трэба здаваць нумар, а мы не ведаем, дзе будзем друкаваць. Бо некаторыя адразу адмаўляюцца, некаторыя завышаюць кошты, у параўнанні з друкам мінулага нумару ён можа быць у два разы большы, значыць, гэта ніяк не звязана з нейкімі эканамічнымі рэаліямі. Карацей, ёсць сур’ёзныя цяжкасці. З другога боку, мы пакуль што не падпалі пад абмежаванні, якія маглі б паставіць ужо поўны крыж на нашым праекце.

РР: Якія зараз у вас ёсць магчымасці для збору матэрыялаў, для збору інфармацыі? Ці яны не абмежаваныя?

Валер Булгакаў: Наш праект не інфармацыйны. Ён культурніцка-гуманітарны. Таму мы не працуем у рэжыме, што адбылася падзея і адразу адбываецца нейкая рэакцыя. Нас цікавяць рэчы, якія маглі адбывацца некалькі стагоддзяў таму назад. І больш за тое, хачу сказаць, што ў нас распачатыя праекты, якія стартавалі, напрыклад, 10 ці 15 гадоў таму пры абсалютна іншай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Таму сярод нашых планаў, якія мы хочам рэалізаваць, і спадзяюся рэалізуем, нават калі нашае выданне будзе зачыненае, усё роўна будуць існаваць магчымасці, якія дазволяць гэта зрабіць, гэта – заканчэнне выдання збору твораў найлепшага беларускага гісторыка 20 стагоддзя Мікалая Улашчыка; заканчэнне праекту, звязанага з публікацыяй збору твораў вядомага беларускага дзеяча, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандра Цвікевіча; магчыма таксама выйдзе збор твораў яшчэ аднаго выбітнага беларускага дзеяча – гэта Вінцэнт Гандлеўскі; мы плануем таксама надрукаваць некалькі перакладаў замежнай гуманітарыстыкі. З другога боку, калі браць сам часопіс Arche, то ён зараз знаходзіцца ў найніжэйшай кропцы свайго развіцця. Гэта значыць, што выходзіць раз на квартал. Але адбываюцца і пэўныя пазітыўныя змены. Мы даўно перашлі ў колер. Мы друкуемся цяпер на вельмі якаснай, крэйдаванай паперы. І ў нас вельмі высокі стандарт паліграфіі, што адначасова накладае вельмі высокія патрабаванні да якасці падрыхтоўкі тэкстаў, у тым ліку ілюстрацый. Мы не збіраемся зніжаць планку. Толькі ў тым выпадку, калі проста сутыкнемся з брутальнай забаронай. Бо мы безабаронныя перад дзяржаўным уціскам, натуральна, што дзяржава ў любы момант можа ўзяць і пазбавіць нас, напрыклад, рэгістрацыі, альбо скасаваць рэгістрацыю дзяржаўнай фірмы, якая ўстаноўлена законным парадкам і выдае часопіс Arche.

Трэцяя пляцоўка, якую мы таксама прасоўваем, – гэта газета Arche, гэта інтэрнэт-рэсурс. Апошнім часам газета Arche асабліва не развівалася, бо, па-першае, у нас было мала рэсурсаў, па-другое, асноўныя рэсурсы мы скіроўвалі на значныя ініцыятывы – выдавецкія праекты і часопіс Arche. Але калі зусім здарыцца калапс, мы можам сапраўды развіваць уласную інтэрнэт-старонку. Толькі, зноў-такі, яна не будзе існаваць у рэжыма грамадска-палітычнага або культурніцкага выдання. Мы будзем старацца факусавацца на гуманітарнай праблематыцы, на экспертнай ведзе, то бок будзем спрабаваць намацаць сваю нішу, якая, па-магчымасці, не будзе супадаць з вядомымі, раскручанымі інтэрнэт-рэсурсамі.

Цалкам размова:

Як адзначыў Валеры Булгакаў, часопіс Arche будзе спрабаваць прыстасоўвацца да новых умоваў працы ў Беларусі, у тым ліку рабіць больш працы анлайн.

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя