“Вандроўка ў дзівосны сад”. Летні фэст для дзяцей і не толькі



Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашаюць на летні фэст для дзяцей і дарослых “Вандроўка ў дзівосны сад” у суботу 29 чэрвеня а 16-й гадзіне.

Наведвальнікам прапануюцца прэм’ера гульні-спектакля “Хто расце ў садзе?”, музыка, песні, вясёлыя конкурсы, майстар-класы… А таксама падарункі для самых актыўных удзельнікаў.                                                  

Падчас спектакля “Хто расце ў садзе” яго аўтар Васіль Дранько-Майсюк разгорне перад маленькімі гледачамі інтэрактыўную дзею: раскажа і пакажа, якія адметныя істоты жывуць у яго садзе, іх характары, настроі і памкненні. Да прыкладу, у садзе жыве хітры вусень Мікіта, які хоча… А вось што ён хоча дазнаюцца наведнікі фэсту. А яшчэ дзеці даведаюцца, як адрозніць вішню ад чарэшні, грушу ад яблыні, калі дрэвы яшчэ не ў квецені, навучацца абараняць расліны ад прагавітага вусеня. І што важна, дзеткі будуць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі гульні-спектакля, падчас якога чакаюцца арыгінальныя гульні і нечаканыя выпрабаванні, а настрой будзе абавязкова сонечны!

Дарослыя таксама не будуць абдзеленыя ўвагай. На фэсце адбудзецца цікавая і карысная сустрэча з псіхолагам Наталляй Данілавай, якая распавядзе пра асноўныя прынцыпы пазітыўнага выхавання дзяцей і адкажа на пытанні наведнікаў.               

І прыемны дадатак: набыўшы квіток на фэст, наведвальнікі займеюць магчымасць яшчэ і паглядзець асноўную экспазіцыю і часовыя выставы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.