Варшаўскі беларус стварае сучасную поп-музыку



У варшаўскага беларуса Алеся Лукашэвіча (Alesandi) выйшаў першы кліп — Lost in Your Love.

У кампазітара вялікія планы на будучыню.

Алесь Лукашэвіч прыехаў у Польшчу ў 2006 годзе па праграме Каліноўскага, дзе скончыў Варшаўскую школу эканомікі. Музычная кар’ера пачалася на “Еўрапейскім радыё для Беларусі”, дзе ён вёў шоў-праграму пра электронную музыку і аздабляў яе ўласнымі музычнымі кампазіцыямі. Гэта была бадай першая перадача пра электронную музыку па-беларуску.

Аднак асноўнай прафесійнай сферай дзейнасці Алеся на доўгі час стала эканоміка і IT.

І вось нядаўна адбыўся сур’ёзны дэбют — выйшаў першы Алесеў кліп (сінгл) Lost in Your Love, дзе пад яго музыку спявае брытанская вакаліста з горада Ёрка Кімберлі Кенэдзі (Kymberley Kennedy). Дарэчы, яна і аўтар тэксту. Кліп здымаўся ў Польшчы і Вялікабрытаніі.

Музыка аддае перавагу стылям хаўс, тропікал-хаўс, дэнс.

У музычнай прасторы Польшчы Alesandi — імя не новае. Польскага беларуса ведаюць як дыджэя, прадзюсара. Ён выконваў свае кампазіцыі ў такіх вядомых клубах Варшавы, як La Playa, Nowy Wspaniały Świat, Jadłodajnia Filozoficzna, Nowa Jerozolima, Saturator. Алесь супрацоўнічаў з такімі асобамі заходняй музычнай культуры, як Alina Renae, Jessie Wagner, Rosanna Ener, Frederik Sørensen, Britney Jayy, Kirsten Rea, Tom Frampton.

У свой час Алесь няўдала спрабаваў выйсці на беларускія радыёстанцыі ў дыяпазоне FM. Напрыклад, з кампазіцыяй „Ляцім”, запісанай разам з Яўгенам Валошыным з гурта „Хэнд мэйд”. 

Алесь Лукашэвіч не здаўся і мае сур’ёзныя планы на пакарэнне сусветных музычных вышынь.

radyjo.net