Вашкевіч: Кніга пра Гадлеўскага да 100-годдзя БНР



Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч прадставіў ў родным горадзе працу пра Вінцэнта Гадлеўскага, якая мае назву “Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу”. Сустрэча адбылася на пляцоўцы “Цудоўня” і была ў асноўным прысвечана 20-30-м гадам ХХ стагоддзя ў розных частках Беларусі.

Як стваралася кніга распавядае Андрэй Вашкевіч:

– Гэта для мяне своеасаблівае вяртанне да тэматыкі, звязанай з беларускім нацыянальным вызваленчым рухам. Ужо досыць даўно не пісаў такіх вялікіх тэкстаў па гэтай тэматыцы. Апошнія пяць гадоў сышоў у гарадзенскую гістарычную тэматыку. І па-другое, гэта кніга – вынік не столькі пісання і працы з дакументамі, колькі вельмі доўгага роздуму над лёсамі беларускай гісторыі ў 20-м стагоддзі.

Для святара грэка-каталіцкай царквы айца Андрэя Крота Вінцэнт Гадлеўскі – прыклад служэння Беларусі:

– Вінцэнт Гадлеўскі быў адным з тых святароў, якія служылі нашаму беларускаму народу. Я лічу, што не можа быць добрым той святар, які будзе забывацца пра сваіх землякоў, пра сваю Радзіму і культуру. Канешне, асноўнае пакліканне святара – несці Хрыста вернікам. Але нельга несці Хрыста вернікам, забываючы пра іх штодзённыя патрэбы, пра іх нацыю, мову, культуру. Толькі ў мове, культуры можна несці і абвяшчаць слова божае. Вінцэнт Гадлеўскі быў адным з першых, хто рабіў гэта на Беларусі.

Для тых, хто прыйшоў на прэзентацыю, Андрэй Вашкевіч прыгатаваў адмысловыя падарункі – невялічкую кніжку пра Адама Станкевіча і паштоўкі да 100-годдзя БНР, якія можна было атрымаць, калі набывалі кніжку пра Гадлеўскага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня