Васіль Быкаў у Альбярціне



У першыя пасляваенныя гады Другой сусветнай вайны, перад службай на Далёкім Усходзе, у Слоніме служыў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. А жыў ён у Альбярціне (цяпер мікрараён Слоніма).

У кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, Васіль Быкаў прыгадвае: “…на гэты раз паехаў далей — у Слонім. У свеце пачыналася шырока-маштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма. Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладдзе, нагнятанне небяспекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячах. I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленне, а яно патрэбна было кожны дзень, трэба было ўранку атрымаць яго пад распіску ў сакрэтнай часці, а ўвечары здаць. Узнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз не бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў з яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік не быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзлеску калгаснік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім. Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і праз месяц з камбата знялі пагоны…”.

Усю зіму Васіль Быкаў прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў у нейкай бабкі ў Альбярціне. Даведацца, у якой бабкі жыў народны пісьменнік у Альбярціне, не ўдалося. “Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца…”, — пісаў далей аўтар “Доўгай дарогі дадому”. Хутка ён пакінуў Альбярцін і атрымаў новы загад – паехаў служыць на Далёкі Ўсход…

У 1960-1990-я гады Васіль Быкаў не раз бываў у Слоніме. Ён сябраваў са слонімскімі літаратарамі Алегам Лойкам і Анатолем Іверсам. Пра Анатоля Іверса ў той самай “Доўгай дарозе дадому” Васіль Быкаў пісаў: “…Драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Іверса. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданні з лесу пайсці працаваць у гарадскую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Іверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана, і жонка загінула. Пасля вызвалення нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але з цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або раз’ехаліся, абодвух “выкрылі”. У Горадні быў суд, Іверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Анатоль Іверс быў звольнены з працы, выключаны з Саюза пісьменнікаў і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе…”.

А яшчэ пра Анатоля Іверса Васіль Быкаў сказаў: “Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя