Васіль Герасімчык прэзентаваў кнігу пра Каліноўскага ў Слоніме



У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага гісторык і краязнавец з Гародні Васіль Герасімчык прэзентаваў сваю першую даследчую кнігу “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”.

Напачатку прэзентацыі супрацоўнікі музея пазнаёмілі прысутных з віноўнікам прэзентацыі, адзначыўшы, што Васіль Герасімчык родам з вёскі Васілевічы Слонімскага раёна. Вучыўся ў мясцовай Парэцкай школе, скончыў Гарадзенскі ўніверсітэт. Цяпер жыве ў Гародні.

Далей прэзентацыю вёў сам аўтар кнігі, які адзначыў, што кніга “створана на аснове матэрыялаў з архіваў і бібліятэк Літвы, Беларусі, Расеі і дазваляе зірнуць на асобу правадыра паўстання не толькі як на лідара і ідэолага нацыянальна-вызвольнага руху на нашых землях, але і з працэсам фарміравання яго поглядаў”.

Далей Васіль Герасімчык спыніўся на самой асобе Каліноўскага, распавёў пра яго бацькоў, сясцёр і братоў, пра іх лёс, пра тых, хто быў побач з Каліноўскім падчас паўстання. Цікава было паслухаць гісторыка і пра той час, калі Кастусь Каліноўскі наведаў Слонімскі павет, раскідваў тут “Мужыцкую праўду”. Выступоўца таксама адказаў на пытанні прысутных і пакінуў аўтографы на сваёй кнізе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара