Вечар аргенцінскага танга



У Слонімскім драматычным тэатры адбылася вечарына, прысвечаная творчасці аргенцінскага кампазітара Астора П’яцолы.

Музычныя творы вялікага аргенцінскага кампазітара не толькі выконвалі слонімскія музыканты, але жыццё і дзейнасць кампазітара інсцэніравалі артысты тэатра. Зала апладысментамі шчыра вітала музыкантаў Дзмітрыя і Вольгу Наўгародскіх, Юлію Сідарэнку, Марыну Каско і квартэт “Веронія”, якія прафесійна і захапляльна выканалі творы П’яцолы “Смерць ангела”, “Лібертанга”, “Зіма”, “Вясна”, “Чао Парыжа” і іншыя.

Вобразы самога кампазітара з маленства да сталага ўзросту і тых прыгажунь, якія ў жыцці акружалі вялікага музыканта, арыгінальна выканалі артысты тэатра Багдан Клімаў, Уладзімір Навумік, Сяргей Яўменаў, Галіна Ерамейчык, Наталля Бярэзіна і юны артыст Косця Наўгародскі. Вядучай вечарыны была артыстка тэатра Вікторыя Міхальчык, харэаграфія – Таццяны Штэрмер.

“Усё маё жыццё – танга. У ім ёсць драма, але няма песімізму”, – казаў вялікі Астора П’яцола. Танга нуэва не давала сумаваць тым, хто пазнаёміўся ў гэты вечар з творчасцю аргенцінскага кампазітара. Таму гэты вечар многім запомніцца надоўга.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім