Вечар мультымедыйных праектаў „Наскрозь”



Адсутнасць кантэксту, раз’яднанасць публікі і творцы – не новыя праблемы для сучаснага беларускага мастацтва, з рэшты не толькі беларускага, і не зусім праблемы, а хучэй рэчаіснасць. Менавіта з гэтай нагоды прадстаўнікі плыні андэграўнда, перформеры, музыкі, мастакі сабраліся пад дахам Нацыянальга цэнтра сучасных мастацтваў у Менску і прадставілі свае новыя праекты ў межах імпрэзы Наскрозь.

„Гэтую імпрэзу мы прысвяцілі Людміле Русавай – культавай асобе, пачынальніцы беларускага перформанса, імя якой вельмі рэдка гучыць у нашай краіне”, – кажа Ілля Сін, адзін з аганізатараў вечарыны ды ўдзельнік групы «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk».

” Гэта дасюль не раскрытая асоба, важная для беларускай культуры. Людміла Русава – пачынальніца трансгрэсіўных, мультымедыйных практык, калі мастак разумее, што ён не прывязаны да сваёй халсціны, да сваёй майстэрні. Бо мастацтва значна шырэйшае і найперш звязана з ягонай асобай, а не з ягоным рамяством. Для нас было важна, каб гэтае прозвішча гучала ў актуальным кантэксце. Таму што людзі, каторым сёння няма 30, увогуле нічога пра яе не ведаюць. І гэта адзін з бакоў праблемы дыскрэтнасці беларускага мастацкага кантэксту”.

Наведвальнікаў платформы  мультымедыйных праектаў “Наскрозь” чакала багата сюрпрызаў. Упершыню быў прэзентаваны сумесны электраакустычны праект Улада Бубна, Ленаніда Нарушэвіча і паэта Алеся Плоткі.

„Адметнасць гэтага праекту ў спалучэнні электроннай музыкі з гітарнай імправізацыяй і беларускімі, і не толькі беларускімі вершамі. Гэтая праграма ўпершыню  паказаная і была імправізацыйнай. А запісана яна будзе крыху ў іншым выглядзе. Падчас імпрэзы я чытаў толькі беларускія вершы. Аднак на альбоме будзе пяцьдзесят на пядзесят беларускіх і ангельскіх вершаў”, – адзначыў паэт Алесь Плотка.

Свае новыя праекты і перформансы  прадставіліл таксама Сяргей Ждановіч, Канстанцін Мужаў, Сяргей Пукст ды Дзмітрый Ладзес. Cкульптар Павел Вайніцкі стварыў на вачах у публікі чарговую статую, выкарыстоўваючы ў якасці аднаго з матэрыялаў свайго калегу па групе «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» Іллю Сіна.

Па словах арганізатараў,  амаль усе гэтыя праекты падрыхтаваны спецыяльна для платформы “Наскрозь” і наўрад ці калі будуць паўтарацца.

Беларускае Радыё Рацыя, Алена Вільтоўская