Вечарына духоўнай песні і паэзіі адбылася ў Гародні



Вечарына духоўнай песні і паэзіі прайшла ў Гародні з удзелам літаратараў, музыкаў, як мясцовых, так і гасцей з Менску. Імпрэза прайшла менавіта ў час, калі ў Гародні распачынаецца міжнародны XVII фэст праваслаўных пяянняў „Каложскі дабравест”.

Чым не нагода паказаць духоўныя здабыткі сучасных беларускіх паэтаў, кажа паэт Юрка Голуб:

– Паэзія і рэлігія яны ў наш час ідуць неяк у адным рэчышчы, я так гэта разумею і ўсведамляю. Гэта стала фактам. Але фактам духоўным. Асабліва прыемна, што і моладзь пацягнулася вось у гэтым рэчышчы ў сваёй творчасці. І чытач гэта заўважыў і ацаніў. І паэтычныя кнігі, асабліва моладзі, не залежваюцца на кніжных паліцах.

Ад імя Саюзу беларускіх пісьменнікаў намеснік старшыні Усевалад Сцебурака павіншаваў з міжнародным фэстам і паэтычнай імпрэзай усіх слухачоў, якія запоўнілі залу па вуліцы Акадэмічнай, 2.

– Свята, па-першае, перад доўгім велікодным постам. Зараз такія дні, калі можна хадзіць у госці, можна запрашаць сяброў, можна ўзгадаць нешта вясёлае. І гэты час для натуральнай весялосці чалавечай. Таму я віншую вас з такім святам у Гародні, што вы такія ёсць, што сёння ўвечары гэтая вялікая зала напоўнілася людзьмі. Скажу шчыра, што далёка не заўсёды даводзіцца бываць у залах, дзе так шмат людзей без прымусу, проста ад душы, прыходзяць паслухаць паэзію.

Па чарзе выступілі з сваімі творамі Павел Касьпяровіч, Анатоль Брусевіч, Данута Бічэль, Усевалад Сцебурака, Юрка Голуб, Алесь Камоцкі і Алесь Разанаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара