Вечарына Міколы Аўрамчыка ў Брылях



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна „Саюз часу, мудрасці і майстэрства”, прысвечаная вядомаму беларускаму паэту і пісьменніку Міколу Аўрамчыку.

Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра яго жыццёвы шлях, які пачаўся 14 студзеня 1920 года ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне. Мікола Аўрамчык пражыў доўгае жыццё, у якім былі і знаёмства з Янкам Купалам, і ваеннае ліхалецце, і пасляваеннае ўзнаўленне роднай краіны, і вялікая праца ў літаратуры. На працягу амаль трыццаці гадоў Мікола Якаўлевіч загадваў аддзелам паэзіі часопіса „Маладосць” — і шмат пакаленняў маладых пісьменнікаў увайшлі ў беларускую літаратуру пад ягонай бацькоўскай апекай.

Прысутныя пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, якую ўпрыгожыў часопіс „Маладосць” за 1954 год з нізкай вершаў Міколы Аўрамчыка. У выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавалевай, Валерыі Мураўёвай, Данііла Зайцава, Вікторыі Крэсавай і Андрэя Шыпіцына прагучалі вершы юбіляра. Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры пісьменнік Мікалай Яцкоў распавёў пра даваенны перыяд жыцця Міколы Аўрамчыка, калі ён толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся прагляд дакументальных відэафільмаў, прысвечаных творчасці патрыярха беларускай літаратуры, які, на жаль, не дажыў да свайго 100-годдзя толькі 2 гады, 8 месяцаў і 6 дзён.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота аўтара