Вечарына памяці Едруся Мазько
Літаратурная вечарына памяці Едруся Мазько прайшла ў Гародні. Культуролаг, гісторык і паэт раптоўна памёр у 2011 годзе. А 29-га жніўня сёлета яму споўнілася б 49 гадоў. Гэта ўжо восьмая імпрэза, якая збірае паэтаў Гародні, выкладчыкаў, сяброў, якія ведалі Едруся ў час вучобы і працы.
Кажа Анатоль Брусэвіч, паэт:
– У нас фармат такі трошкі фестывальны і адначасова фармат, які ўзгадвае добрым словам Эдзіка Мазько. Чытаюцца яго вершы, узгадваецца пра яго жыццёвы, творчы шлях. Таксама збіраюцца тут аднадумцы, якія могуць падзяліцца нейкімі думкамі, нейкімі напрацоўкамі. І кожны год альбо праз год мяняюцца тэмы нашых спатканняў. Напрыклад, сёлетняя – тэма паэта і паэзіі, у межах фестывалю ў гонар Эдзіка Мазько размаўлялі на гэтую тэму.
Падчас імпрэзы некаторыя літаратары, літаратурныя крытыкі прызнаваліся, што Едрусь Мазько за сваё жыццё хаваў уласныя вершы ад чужых вачэй. Пра іх яны даведаліся, толькі калі выйшаў пасмяротны зборнік «Займеннікі».
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
