Вечарына ў зале, дзе выступала Уршуля Радзівіл



У Нясвіжскім музеі-запаведніку палацава-паркавым ансамблі князёў Радзівілаў адбылася творчая літаратурна-музычная вечарына сяброў Міжнароднай асацыяцыі паэтаў і публіцыстаў, а таксама самадзейных спевакоў Беларусі з работнікамі запаведніка, творчай інтэлігенцыяй і жыхарамі горада Нясвіжа, а таксама са школьнікамі. Сустрэча адбылася ў зале, дзе ладзіла ў мінулым вечарыны знакамітая Уршуля Радзівіл — паэтка, драматург, рэжысёр мясцовага тэатра. У свой час пра гэты тэатр ведалі далёка за межамі тутэйшага краю.

Прысутныя шчыра і цёпла віталі паэта Фёдара Баравога з Менску, сябра паўнамоцнага прадстаўніка Міжнароднай асацыяцыі паэтаў і публіцыстаў у Беларусі Тамару Кавальчук, сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Таццяну Яцук і Раісу Раманчук з Баранавіч, а таксама спявачак Галіну Бабонаву, Ірыну Мезінцаву, Рэгіну Скіпар, Наталлю Калеснікаву і Вольгу Грын і іншых творчых людзей. Арганізавала і правяла сустрэчу паэтка і празаік Зоя Капуста.

Сустрэча доўжылася тры гадзіны. Было шмат кветак, усмешак і шчырых слоў удзячнасці. Прыгажосць паэтычнага слова, чароўныя гукі мелодый неслі ў сабе шмат пазітыва і нікога не пакінулі абыякавым.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Нясвіж

Фота аўтара