Вернісаж гарадзенскага мастака Алеся Ступеня



Юбілейны вернісаж Алеся Ступеня, гарадзенскага мастака і дызайнера прайшоў у арт-ґалерэі “Крыга”.

Да 65-годдзя выбрана адмысловая тэма пад назвай “Суцішнасьць”. Самога сябе Алесь Ступень прызнае дызайнерам. У творчасці, сам сябе ацэньвае, як мастак, які не вызначыў свайго стылю.

– Гэтыя творы ў стылі мінімалізму. У мяне была думка знайсці залатую сярэдзіну паміж фармалізмам і рэалізмам, скажам так – паміж Малевічам і Хруцкім. Але, здаецца, Хруцкі больш перацягвае ў свой бок.

Мастак Алесь Ступень – аўтар у афармленні многіх музэяў. Сярод іх музэй гісторыі рэлігіі, Адама Міцкевіча, Алаізы Пашкевіч (Цётцы).

Яго творы клічуць да самотнай надзеі, мяркуюць некаторыя ўдзельнікі вернісажу.

У калядныя вечары гарадзенцы змогуць уволю наталіцца вобразамі творчасці Алеся Ступеня, а таксама набыць іх у арт-ґалерэі “Крыга”.

Беларускае Радыё Рацыя