VII Менскі фестываль моў пройдзе 31 сакавіка ў Белдзяржуніверсітэце
Гэта культурна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае мовам і мовазнаўству, арыентаванае на шырокую аўдыторыю.
На інтэлектуальным свяце будуць прадстаўлены 49 моў. Удзельнікаў мерапрыемства чакаюць 45-хвілінныя лекцыі-прэзентацыі. Усяго запланавана 14 лінгвістычных лекцый і шэсць — па беларусістыцы. Усе прэзентацыі моў размяркуюць па шасці паралелях: у кожнай з іх плануецца правесці больш як 10 паказаў. Удзельнікі фестывалю самі будуць вырашаць, каго ім слухаць, паколькі прэзентацыі будуць праходзіць адначасова ў розных аўдыторыях.
Праграма фестывалю ўключае работу пляцоўкі моўнай практыкі, дзе госці змогуць наведаць іспанскі і літоўскі гутарковыя клубы, прэзентацыю кнігі Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”, навучацца правільна чытаць раман Джэйн Осцін “Гонар і прадузятасць” і інш.
Упершыню ў БДУ будуць прадстаўлены старажытнаскандынаўская, арчынская, баскская, авестыйская, грэнландская і саамская мовы.
Стаць удзельнікам фестывалю могуць усе жадаючыя. Для гэтага неабходная толькі папярэдняя рэгістрацыя https://goo.gl/Wt4jr8.
Летась мерапрыемства наведалі больш за 1000 чалавек.
Арганізатарам Фестывалю моў выступае філалагічны факультэт БДУ. Мерапрыемства пройдзе на яго пляцоўцы (вул. К. Маркса, 31). Пачатак у 10.00.
Даведка.
Першы фестываль моў прайшоў у Менску 31 сакавіка 2013 года і сабраў больш за 350 наведвальнікаў. На мерапрыемстве былі прадстаўлены 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый.
Першы ў свеце Фестываль моў быў праведзены ў 1995 годзе ў Францыі (г. Тур), яго арганізаваў амерыканскі лінгвіст і грамадскі дзеяч Дэніс Кіф. Сёння фестывалі моў праходзяць у розных краінах: ЗША, Венесуэле, Бельгіі, Швецыі, Малдове, Расеі і іншых. Найбуйнейшым з іх лічыцца першы кітайскі фестываль, які прайшоў у 2008 годзе ва ўніверсітэце Нанкіна і за два дні сабраў больш за 13 000 наведвальнікаў.
