Віктар Марціновіч: Рускі – як Шварцнэгер



Кожны з нас у сваім жыцці хаця б раз быў рускім. Гандляры пахлавой на Султанахмеце ў Стамбуле, натасканыя апазнаваць нацыянальнасць па манеры мінакоў трымацца ў незнаёмым горадзе, хаця б раз ды звярталіся да цябе “Добры дзень, брат (сястра)! Пасматры маю краму! Очань дзёшава!”. Для в’етнамцаў, малайцаў, індусаў мы рускія, нават пасля тлумачэння, што не.

15 гадоў таму  “быць рускім”, не з’яўляючыся рускім, было непрыемна толькі для нацыянальнай самасвядомасці. Памылку можна было праглынуць (цяжкавата чытаць геапалітычную лекцыю пасля таго як ты 8 гадзін шукаў хаця б які ложак у Янгоне), можна было пусціцца ў тлумачэнні. Неўзабаве цана “рускасці” падвысілася.

Першы раз я адчуў адрозненне ў Берліне тры гады таму. Мы сядзелі ў невялічкім бары для мясцовых у Шарлотэнбургу, вакол было шмат п’яных локалаў. Здаецца, толькі што скончыўся футбольны матч. Пачуўшы размову на незнаёмай мове, да нас падсеў хлопец, па твары якога было бачна: ён хоча з кімсьці пасябраваць. Ці пабіцца. “Вы рускія”, – сказаў ён пасля вітання. І крыкнуў сваім сябрам ля стойкі: “Яны рускія”. Ён хацеў пагаварыць пра Крым. Ён быў здзіўлены, даведаўшыся, што “рускія” – не рускія. Яны могуць выказвацца супраць акупацыі  і даказваць, што Расея канчаецца ля Смаленска, а далей, ажно да самай Польшчы, ідзе Беларусь.

Прыкладна ў гэтыя ж часы пагаджацца “быць рускім” у Тайландзе ці на Суматры ўжо азначала плаціць за ўсё ў тры разы даражэй. Характарыстыкі рускага: ніколі не ўсміхаецца, не гандлюецца, плаціць, п’е. Рускія турысты не спрачаліся з гэтай карцінай: яны пілі, плацілі, не ўсміхаліся. Я разумеў павярхоўнасць стэрэатыпу, шукаў больш глыбінных праяваў нацыянальнага характару. Аднойчы, на караблі ў Халонг Бэі ў Вʼетнаме, я сустрэў вандроўнікаў з Піцера: кампанія сяброў аб’ехала ўсю Афрыку і кіравалася ў Азію, працягваючы кругасветку. Мне яны вельмі спадабаліся, хай сабе і пілі шмат, калі ўначы мы палеглі на палубе і ўтаропіліся ў сузор’і, вышукваючы Паўднёвы Крыж.

На наступны дзень у аднаго з іх скралі 300 баксаў з гаманца, пакінутага ў замкнутай каюце. Я, беларус, адразу прапанаваў усім скінуцца, каб кампенсаваць страту. Але мае сябры былі рускія. А таму не пагадзіліся. Мы выправіліся ўсёй дэлегацыяй да капітана карабля. І яны сказалі, што не сыдуць з лодкі, пакуль ім не вернуць 300 баксаў. Капітан, падумаўшы, сказаў, што можа вярнуць 150, бо ў правілах карыстання суднам напісана нічога не пакідаць у каютах. І вось тут праявіў сябе той самы характар: яны ўпёрліся рогам у зямлю. Яны сказалі, што праблема не ў грашах. Праблема – у справядлівасці. І дадалі, што з карабля іх вынесе толькі паліцыя. Якой яны заадно раскажуць пра здарэнне. І ім вярнулі грошы.

Шмат хто з беларускіх класікаў спрабаваў схапіць адметнасць рускай душы, патлумачыць яе, знайсці адрозненні і праз гэтыя адрозненні зразумець, кім ёсць беларусы. Згадайма хаця б Гарэцкага. Ці Быкава. Ці дзённікі Караткевіча.

Сусветная культура тым часам перажоўвае ўсе тыя навіны – пра Грузію, пра Украіну. І збліжае вобраз рускага з вобразам Доктара Зло. З’явіўся серыял Okkupert пра нечаканы захоп Нарвегіі рускімі. Мне гэты серыял спадабаўся (каланіяльную адміністрацыю там увасабляла субтыльная Інгеборга Дапкунайтэ), але я вырашыў не пісаць пра яго. Каб не распальваць варожасць і фобіі. Гэтага ўсяго і так у свеце да халеры. Робі Уільямс зняў свой кліп Party like a Russian, дзе Доктар Зло апрануты ў адпаведнасці з дрэс-кодам залатой рускай моладзі на лонданскіх вечарынках. Але ўсяму гэтаму не хапала глыбіні. Усё гэта не тлумачыла паводзіны маіх падарожных сяброў на караблі ў Халонг Бэі.

І вось раптам цудоўны вобраз рускага стварае састарэлы Арнольд Шварцэнэгер. “Наступствы” (Aftermath) – гэта вяртанне да спрошчанай парадыгмы “Чырвонай спёкі” (сапраўдны пераклад Read Heat са слэнгавай англійскай – “Чырвоны паліцэйскі”). У 1988-м Шварцэнэгер увасобіў маскоўскага міліцыянера Івана Данко, які супрацоўнічае з амерыканскім калегам, каб знайсці міжнароднага злачынцу. Шварцэнэгер тады здолеў паказаць рускім, якімі ім трэба быць, каб іх любілі за акіянам. Нешматслоўны, замкнёны, брутальны, але пры гэтым добры і з унутраным законам. Тут, канечне, было шмат спрашчэнняў і паэтызацыі, але збольшага адпавядала самаадчуванням. Таму фільм ішоў ва ўсіх відэазалах СССР уключна з зеленалужскім “Ізумрудным”, у які я хадзіў падлеткам.

“Наступствы” – круты антрапалагічны дадатак да Read Heat. І вычарпальны каментар да сітуацыі ў свеце.

У фільме Эліята Лэстэра Шварцэнэгер грае рускага (хаця насамрэч яшчэ пытанне, наколькі ён “рускі”, бо сям’я ляціць да яго з Кіева). Раман Мельнік жыве ў ЗША, працуе на будоўлі, ён ужо навучыўся па-амерыканску ўсміхацца і жартаваць з мінакамі (“Дзякуй за танец”, – кажа ён чалавеку, з якім не размінуўся ў чарзе да стойкі авіякампаніі). Але вось ягоная жонка і цяжарная дачка гінууь у авіякатастрофе. І тут пачынаецца драма адрозненняў Захаду ды Усходу. Тое, як Раману распавядаюць пра здарэнне, тое, як прапануюць кампенсацыю, – настолькі праўдзіва, што па спіне прадзірае.

Захад, увасоблены ў карпаратыўнай этыцы, не прывучаны выбачацца. Прабачэнні тут увасабляюцца ў грашах і паслугах псіхолагаў, якія ветліва прапануюць чалавеку, што страціў сям’ю. Раману ж трэба адно – прызнанне віны. Пакаянне. У гэтым ён бачыць справядлівасць. Для яго ўсё таксама не пра грошы. Ён знаходзіць вінаватага ў здарэнні дыспетчара. Катастрофа і яму паламала жыццё (той змяніў прозвішча і працуе ў іншым горадзе). Ён прыходзіць да яго пагаварыць. Але размовы не атрымліваецца, бо дыспетчар – заходні чалавек, ён адразу пачынае бараніць свае правы. І забывае выбачыцца.

Гэта не пра грошы. Гэта пра справядлівасць.

Раман Мельнік не глядзіць выступы Пуціна, не парыць пра “рускі свет”, не носіць георгіеўскай стужкі. Але для мяне ён – увасабленне рускай душы, чагосьці вельмі важнага, пра што самі рускія забыліся. Уласна, георгіеўская стужка, Пуцін і “рускі свет” – гэта хісткая халабуда, таропка ўзведзеная Крамлём на трывалым фундаменце прагі для справядлівасці. На гатоўнасці загінуць за яе. Скажы Раману Мельніку, што ў Крыме крыўдзяць “нашых”, – ён пойдзе бараніць “нашых” і загіне, так і не зразумеўшы, што яго падманулі. Загіне за справядлівасць.

Дыспетчар гатовы быў папрасіць прабачэння. Ён адчуваў сябе настолькі вінаватым, што спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. І вось калі перад ім з’яўляецца чалавек, перад якім ён вінаваты, Захад унутры дыспетчара перашкаджае яму паводзіць сябе па-людску.

Ці не гэта ёсць прычынай усіх войнаў? Немагчымасць паразумецца словамі. Недахоп часу на шчырыя прабачэнні.

Мне вельмі спадабаўся гэты рускі, Раман Мельнік. Вельмі шкада, што сучасная руская літаратура і кіно не змаглі стварыць нічога падобнага. І каб паглядзець на сапраўднага рускага, трэба ізноў уключаць Шварцэнэгера.

Віктар Марціновіч, budzma.by