Віктар Сазонаў падтрымаў буккросінг у Гародні



Ініцыятыву па абмене кнігамі ў Гародні, якая больш за месяц таму з’явілася дзякуючы “Зялёнаму Гродна” і моўным курсам “Мова Нанова Гародня”, падтрымаў гарадзенскі пісьменнік і журналіст Віктар Сазонаў. Віктар перадаў для аматараў чытання вялікую скрынку кнігаў рознага зместу са сваёй хатняй бібліятэкі.

Пра свой унёсак у ініцыятыву Віктар Сазонаў распавёў слухачам Беларускага Радыё Рацыя:

– Перш за ўсё, мне вельмі падабаецца, калі людзі чытаюць кніжкі. Захацелася паўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве, дапамагчы, каб кнігі разыходзіліся. Вельмі добра, што ў нашым горадзе і ў нашай краіне яшчэ засталіся людзі, якія берагуць друкаванае слова, берагуць кнігі.

Пісьменнік паабяцаў, што наступнымі кнігамі ў сістэму гарадзенскага буккросінга стануць напісаныя ім кнігі, якія будуць цікавыя гарадзенскаму чытачу.

Прынесці кнігі на беларускай мове можна на заняткі “Мова Нанова” кожны панядзелак а 19-й гадзіне па адрасе: вул. Будзёнага, 48а-63.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня