Віктар Шалкевіч дасць два канцэрты ў Гародні
Канцэрты знакамітага актора, музыкі Віктара Шалкевіча пройдуць у Гародні на працягу двух дзён 19-га і 20-га сакавіка. Вялікія канцэртныя памяшканні, якімі гэтак ганарацца ўстановы культуры Гародні, аказалася занятыя. Прыватная ініцыятыва гарадзенскага прадпрымальніка Сяргея Верамеенкі прапануе канцэрты ў Цэнтры гарадскога жыцця. „Не ў такім вялікім, але ў сваім – беларускім асяродку,” – кажа Сяргей Верамеенка.
– Па 100 чалавек на кожны канцэрт мы запраста можам змясціць. І спадзяюся, што гарадзенцы адгукнуцца, спадзяюся, што гарадзенцы прыйдуць, нягледзячы на пагрозы сённяшнія, нягледзячы на страхі быць у вялікіх калектывах і масавых мерапрыемствах. Так што чакаем усіх – прыходзьце, калі ласка.
Першыя пяцьдзясят пакупнікоў квіткоў на канцэрты Шалкевіча атрымаюць зніжку. Квіткі на канцэрты можна набыць у краме „Адметнасць” па адрасе Кірава дом 3, альбо праз „Без касіра”.
Да канцэртнай падзеі ў Гародні Сяргей Верамеенка анансуе два кампакт-дыскі, адмыслова сабраныя для аматараў творчасці Віктара Шалкевіча.
Кажа Сяргей Верамеенка:
– Гэта два альбомы. Адзін з іх з лепшымі песнямі пад умоўнай назвай “За сто крокаў ад Вострай Брамы”. Другі альбом – гэта “Правінцыя”, перавыданне першага альбома Віктара Шалкевіча. Адметнасць гэтых альбомаў у тым, што яны аздобленыя малюнкамі мастака Яна Мяльніцкага.
Як сказаў Сяргей Верамеенка, атрымаць гастрольнае пасведчанне не было складаным. Канцэрты пачынаюцца а 18-00 гадзіне 19-га сакавіка і 20 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
