Імправізацыя з міжнародным складнікам



Адсутнасць нотных партытураў, толькі графіка і спантанная імправізацыя. Незвычайны канцэрт у Варшаве даў наш радыйны калега Віктар Сямашка.

Сумесна з яшчэ чатырма музыкамі  з Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі і ЗША.

– З дзяцінства, юнацтва маю такі імпэт да імправізацыйнай музыкі, якая, на маю думку, з’яўляецца самай свабоднай музыкай. Гэта інакш называецца “спантаннае музыкаванне”. Калі няма дакладных рытмаў, дакладных тактаў, дакладна прапісаных партытураў. А ўсё адбываецца праз жывую камунікацыю з тымі музыкантамі, з якімі я граю.

Разам з Віктарам Сямашкам у Беларускім Доме выступілі вакалісткі Алеся Медзвядзюк, Вераніка Лось , а таксама віяланчаліст Джон Корнэл і Рэй Дыкаты, які штодзень грае на саксафоне ў “Варшаўскім Імправізаваным Аркестры”:

– Такая музыка больш пашыраная ў Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыне. Калі я быў у Беларусі і граў гэты тып музыкі, людзі цікавіліся ёй, хоць і не разумелі яе. Бо ў Беларусі, у адрозненні ад Вялікабрытаніі, яшчэ няма гісторыі развіцця гэтага кірунку.

Адметна, што менавіта імправізацыя сталася асноўнай часткай некаторых кірункаў заходняй музыкі дваццатага стагоддзя. Гаворка ідзе перадусім пра блюз, джаз і джаз-ф’южн.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара