Віктару Грамыку споўнілася 95 гадоў



Адному з найстарэйшых мастакоў сённяшняй Беларусі –  Віктару Грамыку споўнілася 95 гадоў. У сталічным Нацыянальным мастацкім музеі адкрылі выставу яго карцін.

Гаворыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца:

– У нас вельмі шмат зроблена на тэматыку Вялікай айчыннай вайны. Аднак жа Віктар Аляксандравіч змог сказаць нестандартнае, непафаснае, але вельмі ўзнёслае і паэтычнае слова пра вайну. І мабыць з мастакоў я больш нікога не ведаю, хто б так апаэтызаваў трагедыю. Гэта высокая, трагічная, паэтычная нота пра наш народ, які столькі пакут перанёс у гэтай вайне.  

Віктар Грамыка падчас акупацыі быў сябрам падпольнай арганізацыі Канстанціна Заслонава ў Воршы, рэдактарам газеты “Народныя мсціўцы”. На жаль, па стане здароўя мастак не змог прысутнічаць на адкрыцці сваёй выставы. 

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск 

Фота аўтара