Віктару Сазонаву – 55
У чацвер, 18 кастрычніка, гісторыка, журналіста, пісьменніка, праваабаронцу і проста выдатнага гарадзенца Віктара Сазонава сябры і землякі шчыра віншуюць з 55-годдзем.
Сёння без Віктара Сазонава немагчыма ўявіць нашу Гарадзеншчыну. Гэты апантаны ў жыццё і вясёлы чалавек сваім талентам і настроем не дае сумаваць тым, хто яго добра ведае. Віктар родам са славутых Гальшанаў. Скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэта. Быў сябрам “Паходні”, адзін з заснавальнікаў Таварыства братоў Каліноўскіх, настаўніцкага згуртавання “Вулей”, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік Гарадзенскага праваабарончага цэнтру “Вясна” і іншых грамадскіх аб’яднанняў і рухаў.
Віктар Сазонаў – вельмі цікавы і вясёлы пісьменнік, кнігі якога ўзнімаюць настрой, яны чытаюцца і запамінаюцца, сярод якіх “Занатоўкі кантрабандыста” і “Суседскія былі”.
Віктар Сазонаў – неўтаймаваны журналіст, які шмат гадоў супрацоўнічае з Радыё Рацыя і беларускім тыднёвікам “Ніва” ў Беластоку, ён апублікаваў дзясяткі сваіх разважанняў пра наша няпростае жыццё.
Пра Віктара Сазонава можна распавядаць шмат. Але лепш за ўсё чытаць і слухаць ягоныя былі пра тое, як як мы жывем і развагі, як на Беларусі пачаць жыць па-людску, як любіць свой народ і Бацькаўшчыну. Сябры і землякі шчыра віншуюць Віктара з юбілеем і жадаюць яму здароўя і новых творчых адкрыццяў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя