Віктару Шніпу – 60
Беларускаму паэту Віктару Шніпу 26 сакавіка спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.
Як ён казаў сам, яму ў жыцці пашанцавала, што з сямнаццаці гадоў знаходзіўся сярод творчых людзей. Напачатку па запрашэнні Яўгена Крупенькі хадзіў на літаб’яднанне “Крыніцы” пры “Чырвонай змене”, у якой 17 жніўня 1977 года была надрукавана яго першая падборка вершаў. Алесь Емельянаў, які тады рыхтаваў літстаронку, даў Віктара творы з біяграфіяй і фотаздымкам. Потым ён сам у 1980 годзе пры валожынскай раёнцы “Працоўная слава” стварыў літаб’яднанне “Рунь”, якое па сёння працуе. Цяпер яно пры Доме культуры і мае званне народнага літаб’яднання. Кіруе ім паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч. Далей была вучоба ў Літінстытуце ў Маскве, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Людмілай Рублеўскай. Заняткі былі заняткамі, а размовы пасля вучобы давалі яшчэ болей, чым літінстытут. Пасля вучобы працаваў у часопісе “Беларусь”, газетах “Наша слова” і “Літаратура і мастацтва”. І вось ужо шаснаццаць гадоў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Кожны дзень— працуе з рукапісамі, з творчымі людзьмі.
І сям’я ў яго творчая — жонка Людміла пісьменніца, дзеці мастакі. Вераніка і Максім школьнікамі пісалі вершы па-беларуску. Друкаваліся. Цяпер толькі чытаюць. І хоць Віктар Шніп у апошні час піша прозу, але сябе празаікам не лічыць. Ён быў і застаецца найперш добрым паэтам:
Зайздрошчу зоркам, што даўно згарэлі,
А іх святло ў сусвеце ўсё ідзе.
Далёка зоры… Продкі ўверх глядзелі,
Каб у дарозе не блудзіць нідзе.
Віктар Шніп напісаў і выдаў дзесяткі зборнікаў вершаў, перакладаў, кніг дзённікавых запісаў. І працягвае працаваць далей. Таму жадаем яму творчых адкрыццяў, новых кніг і вядома ж – здароўя.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
