Вінцук Вячорка з новай кнігай у Баранавічах



Упершыню прэзентацыя новай кнігі мовазнаўцы Вінцука Вячорка «Не смяшыце мае прыназоўнікі» прайшла ў Баранавічах. Гэты горад выбраны мовазнаўцам з павагі да тых, хто змагаецца за беларусізацыю ў горадзе, за навучанне на роднай мове – сябраў Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы.

На прэзентацыю прыйшло дастаткова многа аматараў беларускай мовы. Імпрэза прайшла цікава, з пытаннямі-адказамі і нават бурнай дыскусіяй. «Кніга ўтрымлівае шмат сур’ёзных сацыялінгвістычных разваг», — кажа Вінцук Вячорка:

Я закранаю пытанні тых, а не іншых вынікаў перапісаў, пэўнай неаб’ектыўнасці пытанняў, якія закладзены ў перапісы. Дакладней кажучы, я спыняюся на тым, чаму ж дзяржава, выдаткоўваючы не малыя бюджэтныя сродкі на перапісы, не робіць усё для таго, каб на іх аснове высветліць рэальную моўную карціну. Скажам, колькі людзей валодаюць дыялектнай беларускай мовай, колькі людзей разумеюць вусную беларускую мову. І, зыходзячы з гэтага, ужо тады планаваць колькасць школ у тым ці іншым рэгіёне Беларусі, карэктаваць школьныя праграмы.

Прысутныя на прэзентацыі ўхвалілі мерапрыемства і сардэчна дзякавалі Вінцуку Вячорку за набытыя новыя веды. Усе жадаючыя атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографам аўтара і цёплымі словамі ад яго.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы