Віцебск уключаны ў Глабальную сетку гарадоў, якія навучаюцца, ЮНЕСКА



Віцебск стаў першым беларускім горадам, які ўключаны ў Глабальную сетку гарадоў, якія навучаюцца, ЮНЕСКА. Цырымонія, прысвечаная гэтай падзеі, прайшла 18 кастрычніка ў МЗС Беларусі.

„Гэта прызнанне важных намаганняў і вынікаў, якіх дамогся Віцебск у працэсе забеспячэння пастаяннага навучання насельніцтва, што вядзе да выканання адной з важных мэтаў устойлівага развіцця (забеспячэнне якаснай адукацыі. — БелаПАН.) і, безумоўна, спрыяе таму, каб менавіта Віцебск станавіўся лідарам у развіцці так званай творчай эканомікі”, — сказаў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

Паводле яго слоў, уключэнню Віцебска ў Глабальную сетку папярэднічала сур`ёзная праца нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА і самога горада.

Краўчанка спадзяецца, што іншыя беларускія гарады таксама зробяць па прыкладзе Віцебска. „Спадзяемся, што ў агляднай будучыні пабачым дадатковыя прыклады ўступлення ў гэтую важную, аўтарытэтную і прэстыжную сетку”, — адзначыў Краўчанка.

Глабальная сетка гарадоў, якія навучаюцца, спрыяе развіццю навучання насельніцтва на працягу ўсяго жыцця. Сетка дзейнічае пад эгідай Інстытута ЮНЕСКА па навучанні на працягу ўсяго жыцця (Гамбург, ФРГ) і аб`ядноўвае больш за 200 гарадоў з 50 краін свету.

Сярод краін — суседзяў Беларусі гарады, якія навучаюцца, ёсць у Латвіі, Літве, Расеі і Украіне.

belapan.by