Вольга Гапеева трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі



Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі фонда Crespo “Wortmelden” 2022 года.

Фота rbb-online.de

Гэтую ўзнагароду прысуджаюць з 2018 года за дыскусійныя тэксты, што маюць палітычнае значэнне.

Згодна з палажэннем прэміі, узнагарода і ўсе імпрэзы, што адбываюцца вакол яе, павінны пашырыць грамадскі дыскурс і стымуляваць дэбаты. Сёлета акцэнт дыскусій скіраваны на тое, ці мусіць літаратура актыўней у удзельнічаць у палітычных падзеях і ці можа творца працаваць па запыце — аператыўна рэагаваць на актуальную павестку.

Пяцёра шортлістараў — іх тэксты адабралі са 120 прэтэндэнтаў — 10 лютага распавядуць пра сябе і сваю творчасць падчас адмысловай вечарыны ў Літаратурным доме Франкфурта-на Майне.

Вольга Гапеева раскажа ў тым ліку пра сваё эсэ “Абарона паэзіі ў часы пастаяннага выгнання”, дзе яна разважае пра сувязь улады, гвалту і мовы на фоне актуальных падзей у краіне.

Пераможцу назавуць напрыканцы сакавіка, цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 19 чэрвеня.

Сёлета Вольга Гапеева трапіла і шорт-ліст прэміі „Гліняны Вялес” за кнігу «Самота, што жыла ў пакоі насупраць».

[manual_related_posts]