Вячаславу Рагойшу – 80
5 чэрвеня ў слыннага літаратуразнаўцы, крытыка, перакладчыка, паэта, доктара філалагічных навук, прафесара Белдзяржуніверсітэта Вячаслава Рагойшы пачэсны юбілей – 80 гадоў.

Родам Вячаслаў Рагойша з вёскі Ракаў Валожынскага раёна. Скончыў Ракаўскую сярэднюю школу і БДУ, потым аспірантуру БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша” і доктарскую дысертацыю на тэму “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур (тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад)”.

Вячаслаў Рагойша даследуе праблемы гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, беларуска-славянскія літаратурныя ўзаемасувязі, паэтыку літаратурнага твора, пытанні тэорыі і практыкі мастацкага перакладу. Ён выявіў і апублікаваў шэраг невядомых архіўных матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, па творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Палуяна, Старога Ўласа і іншых. Напісаў і выдаў дзесяткі кніг, пераклаў на беларускую мову твораў многіх украінскіх літаратараў.

Шчыра віншуем Вячаслава Пятровіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабрабыту і новых творчых адкрыццяў.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]