Вячоркі, якімі яны былі



Цыкл этнаканцэртаў “Рух зямлі” не патрабуе доўгіх прадстаўленняў. Гэта знаныя сярод аматараў аўтэнтычнага фальклору тэматычныя івэнты, што рэгулярна ладзяцца Берасцейскім абласным грамадска-культурным цэнтрам. На жаль, апошнімі гадамі канцэрты парадзелі, але тым каштоўнейшымі яны становяцца для сваёй аўдыторыі.

Гэтым разам берасцейцы слухалі і назіралі за абрадам замесу і ўпрыгажэння каравая, далучыліся да жаночых вячорак пінскага ўзору. Над караваем таксама прыгаворвалі на пінскіх гаворках, бо ўсе чатыры калектывы-ўдзельнікі канцэрта паходзяць з тых краёў – “Чабатухі”, “Дударыхі”, “Церабяначкі” і “Грымата”. Стравы, што ў канцы можна было пакаштаваць пад музычны акампанемент, таксама палескія.

Запоўненая зала ГКЦ падказвае, што арганізатары маюць рацыю, калі разлічваюць, што цяперашнім берасцейцам – былым вяскоўцам – цікава паслухаць родную песню. Але на “Рух зямлі” прыходзяць таксама і іншыя зацікаўленыя – тыя, у каго няма доступу да вёскі, і даведацца пра яе культуру яны толькі і могуць, што з такіх канцэртаў. Студэнты з Кітая і Бангладэша хіба самы яркі таму прыклад.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтаркі