Вядомы мастак не захацеў больш жыць у Менску



Сябра Беларускага Саюза мастакоў Мікола Бушчык не захацеў больш жыць і працаваць у Менску. Ён прадаў там сваю кватэру, адмовіўся ад майстэрні і вярнуўся з сям’ёй у родны Слонім. У горадзе над Шчарай мастак купіў сабе дом і перавёз сюды сваю сям’ю, мастацкія творы і архіў. А побач са Слонімам у вёсцы Дзераўная, дзе нарадзіўся мастак, захаваліся яшчэ бацькоўская хата, розныя прыбудовы, агарод. Ды і ў Слоніме мастак прыдбаў добры дом, дзе ў ім будзе месціцца майстэрня, а таксама ён плануе ў доме стварыць і прыватную галерэю.

– Сыны мае жывуць у іншых краінах. Жывуць яны добра і мяне гэта радуе. Сын Андрэй з’яўляецца чэмпіёнам свету і Еўропы па лацінаамерыканскіх танцах, жыве ў Расеі. Другі сын Сяргей жыве з сям’ёй у Канадзе, ён добры мастак, працуе мастаком кіно, – распавёў нашаму карэспандэнту Мікола Бушчык.

На пытанне, чаму мастак прамяняў сталіцу на раённы гарадок, спадар Мікола сказаў, што сёння “Менск стаў энергічна мітуслівым горадам, ён вельмі стамляе людзей, ды я ад яго стаміўся, а таксама мая маладая жонка і дачка. Ды і цяпер правінцыі па сутнасці не існуе. Бо ёсць Інтэрнет, мабільная сувязь. Праз усё гэта можна наладзіць выставы і плэнэры ў розных краінах свету. Што я і раблю. Менск стаў дарагім горадам, моцна адчуваеццца эканамічны ціск, узніклі вялікія платы за арэнду памяшкання пад майстэрню. А ў Слоніме ў мяне ўсё будзе сваё, усё на месцы. Але я не проста вярнуўся ў родны горад.  Я распрацаваў праграму развіцця мастацкай інфраструктуры Слоніма і выслаў гэтую праграму ў Міністэрства культуры Беларусі. Ужо прыйшоў адказ. І адказы з міністэрства накіраваныя ў Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам. Міністэрства падтрымала маю праграму і чым зможа яно дапаможа, але ў асноўным яе трэба ажыццяўляць тут у Слоніме. Таму планаў у мяне з пераездам у на бацькаўшчыну даволі шмат…”, — сказаў Мікола Бушчык.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара