Вялікі брытанскі фестываль пройдзе ў Мінску 16 чэрвеня
Вялікі брытанскі фестываль упершыню пройдзе ў Менску 16 чэрвеня.
Стартуе свята парадам валыншчыкаў. Музыканты ў традыцыйных спадніцах-кілтах выйдуць з дзвярэй брытанскага пасольства па вул. К.Маркса і накіруюцца ў раён плошчы Свабоды, дзе разгорнецца не менш як восем інтэрактыўных пляцовак, якія прадставяць багацце радзімы Шэкспіра і Гары Потэра.
Для маленькіх наведвальнікаў разгорнецца дзіцячы гарадок, адкрыюцца рэстараны з традыцыйнымі валійскімі і англійскімі стравамі. Можна будзе пакаштаваць хрусткія праснакі з чэдэрам і беконам, мясны „пастухоўскі” пірог, ростбіфы, фіш-энд-чыпс і бісквітныя дэсерты да пяцігадзіннага чаю. Бары Зыбіцкай „перакваліфікуюцца” ў брытанскія пабы, дзе будуць наліваць любімыя ўсімі брытанцамі соладавыя напіткі – моцны эль і шатландскі віскі.
Удзень у Верхнім горадзе будуць гучаць народныя мелодыі для флейты, акардэона і валынкі, якія стагоддзямі выконваліся музыкантамі на вуліцах старога Лондана і Эдынбурга. Увечары на сцэну выйдуць артысты з Вялікабрытаніі, каб паказаць новую „класіку” – хіты The Beatles, Queen, Дэвіда Боўі або Эда Шырана ў аўтарскай апрацоўцы. На галоўнай сцэне пройдуць паказы маладых брытанскіх мадэльераў.
Унутраны двор атэля „Манастырскі” стане філіялам брытанскага ўніверсітэта. Тут можна палепшыць свае веды англійскай мовы, паспрабаваць сілы ў моўным тэсце IELTS або паказаць клас у конкурсе арфаграфіі.
Падрабязная праграма музычных, спартыўных, адукацыйных і дзелавых мерапрыемстваў стане вядома ў бліжэйшы час. Чакаецца, што ў Менск прыедуць музыканты легендарнага трып-хоп калектыву з Брысталя.
Арганізатарам мерапрыемства выступае пасольства Вялікабрытаніі. „Тысячы беларусаў змогуць на адзін дзень перанесціся ў дзелавы раён Лондан-Сіці або багемны Соха, азнаёміцца з кухняй, музыкай, культурай, модай, спортам, адукацыяй, бізнесам Злучанага Каралеўства”, – адзначылі каардынатары культурнага праекта.
