Вялікі рамантык Алег Лойка
У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася літаратурная вечарына-згадка “Вялікі рамантык”, прысвечаная пісьменніку-земляку, доктару філалагічных навук, прафесару Алегу Лойку (1931-2008).
Мерапрыемства арганізавалі і правялі супрацоўнікі бібліятэкі, якія наладзілі вялікую выставу твораў пісьменніка і паказалі ўласны фільм пра жыццё і творчасць земляка.
Падчас сустрэчы слонімскі пісьменнік Сяргей Чыгрын прыгадаў вучобу ў БДУ, творчае ўніверсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар, паказаў прысутным першы зборнік паэзіі Алега Лойкі “На юнацкім шляху”, які пабачыў свет ажно ў 1959 годзе, распавёў шмат цікавых выпадкаў з жыцця пісьменіка.
Пра Алега Лойку ўспаміналі былыя настаўнікі слонімскіх школ, дзе вельмі часта гасціў пісьменнік-зямляк. Выступоўцы паказвалі рэдкія здымкі Алега Лойкі, аўтографы на кнігах, прыгадвалі сустрэчы з ім у школах роднага горада.
Мерапрыемства ўпрыгожвалі паэтычныя радкі Алега Лойкі, якія чыталі слонімскія школьнікі, а таксама спявалі беларускія народныя песні.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
